ФІНА́НСАВЫЯ СІСТЭ́МЫ, у шырокім сэнсе — сукупнасць розных звёнаў фін. адносін, праз якія ў рамках той ці інш. сац.-эканам. сістэмы ажыццяўляецца стварэнне і выкарыстанне фондаў грашовых сродкаў. У вузкім сэнсе — сістэма фінансавых устаноў краіны, што ажыццяўляюць мабілізацыю грашовых сродкаў і іх размеркаванне ў працэсе фінансавання і крэдытавання, а таксама фінансавы кантроль. Унутры кожнай з буйных сфер вылучаюць звёны (групоўка фін. адносін ажыццяўляецца ў залежнасці ад характару дзейнасці суб’екта). Напр., у сферы фінансаў прадпрыемства вылучаюць звёны: фінансы прадпрыемстваў, якія функцыянуюць на камерцыйных пачатках, і фінансы прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць некамерцыйную дзейнасць, а таксама фінансы грамадскіх арг-цый; у сферы страхавання — сац. страхаванне асабістае, маёмаснае і страхаванне прадпрымальніцкай рызыкі; у сферы дзярж. фінансаў — дзярж. бюджэт, пазабюджэтныя фонды і дзярж. крэдыт. Кожнае звяно ў Ф.с. можа падзяляцца на падзвёны або інш. элементы сістэмы, напр., фінансы прадпрыемстваў, што функцыянуюць на камерцыйных пачатках, могуць класіфікавацца па галінах накіраванасці і формах уласнасці.
т. 16, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)